Даследчык жыве ў кожнай малечы

Интервью Надежды Аксёненко для газеты «Звязда». Оригинал публикации — здесь.

Ідэя стварыць студыю для маленькіх навукоўцаў з’явілася ў Надзеі, яшчэ калі яна была цяжарнай. Цяпер Экалабараторыі, як і яе дачушцы Настачцы, пяць гадоў. Маладая мама расказала, чаму на заняткі ў дзіцячую навуковую студыю карысна хадзіць не толькі будучым акадэмікам.

— Вельмі часта маладых мам на адкрыццё сваёй справы натхняюць іх дзеці. Відаць, так сталася і ў тваім выпадку?

— Ну так, разам з дзецьмі часта нараджаецца сваё прызначэнне. Яны наогул усё жыццё пераварочваюць з ног на галаву. У дзяцінстве я кожнае лета праводзіла ў вёсцы: з рознымі апалонікамі, жабкамі, матылькамі. Увесь час у гульнях быў прыродны элемент. Тое, што мне самой калісьці падабалася, цяпер, дзякуючы Насці, перарастае ў нешта больш маштабнае, значнае.

— Надзя, ты хочаш, каб усе твае вучні сталі ў будучыні вучонымі, даследчыкамі? Альбо веды па хіміі, фізіцы, астраноміі ды біялогіі патрэбны не толькі для гэтага?

— Я не стаўлю задачу зрабіць іх усіх вучонымі. Для мяне важна, каб дзеці праз гульню зразумелі складаныя ўзаемасувязі матэрыялаў, з’яў і працэсаў у гэтым свеце, былі больш уважлівыя, назіральныя, усё правяралі, а не бяздумна давяралі. Бо ў будучым, калі яны стануць дарослымі, адна з самых запатрабаваных якасцяў — аналітычны і дапытлівы розум, уменне дапусціць штосьці і праверыць сваю гіпотэзу, зрабіць высновы. Сучасным дзецям гэта цяпер цяжка. Напэўна, таму, што шмат чаго атрымліваюць гатовым.

— Калі еду ў метро, то складаецца ўражанне, што большасць сучасных дзяцей цікавяць толькі гаджэты…

— Калі ў мяне з’явілася дачка, я стала часта і падоўгу назіраць за хлопчыкамі і дзяўчынкамі. І зразумела, што даследчык жыве ў кожным дзіцяці. Малыя любяць рабіць адкрыцці, здагадвацца, вынаходзіць. Але не ўсе бацькі падтрымліваюць гэтую жывую цікаўнасць да свету. Часам інтарэс да таго, як усё ўладкавана, губляецца па шэрагу прычын, але зацікавіць зноў можна кожнага. Бо дзеці вельмі моцна і лёгка пераймаюць тое, што вакол іх. Гэта мы праверылі і ў Экалабараторыі. Калі правільна зададзены вектар, то дзеці ў чаканні заняткаў не сядзяць у гаджэтах, а актыўна абмяркоўваюць свае тэорыі і здагадкі, дзеляцца вынікамі хатняга задання, задаюць пытанні.

— А чым пазнавальным бацькі могуць пазаймацца з дзецьмі дома ў звычайных умовах, без нейкага адмысловага абсталявання?

— Дзеці вельмі любяць назіраць за зоркамі. Чаму б не зрабіць гэты працэс пазнавальным? Можна намаляваць на кардоне сузор’е, пракалоць на месцы зорачак дзірачкі і злучыць іх каляровым матузком. Гатовую «зорную вышыўку» можна павесіць у дзіцячым пакоі. З сузор’ямі наогул шмат усяго цікавага. Пра іх можна легенды пачытаць, а потым пашукаць падчас прагулкі. Цяпер шмат астранамічных праграм: наводзіш на начное неба тэлефон, і ён расказвае, што гэта за сузор’е. Вельмі любяць выхаванцы Экалабараторыі назіраць за аблокамі. У інтэрнэце можна знайсці адмысловую рамку: калі навесці яе на воблака, то будзе зразумела, да якога віду яно адносіцца. Мая Насця мінулым летам пастаянна з гэтай рамкай хадзіла: «О, вунь кучава-дажджавое воблака паляцела. Хутка — дождж». Ёсць у інтэрнэце шмат развіваючых гульняў. Той, хто шукае, знаходзіць. Іншая справа, што дарослым, як правіла, не хочацца гуляць.

— А ты сама з дачкой часта гуляеш?

— Насця ходзіць на некаторыя заняткі да мяне ў Экалабараторыю. Але і акрамя гэтага мы шмат чаго цікавага робім дома. На выхадных, напрыклад, ездзілі на лецішча. Знайшлі там прыгожага вусеня. Падкормлівалі яго. Ён у нас пажыў пару дзён і завярнуўся ў кукалку. Чакаем, які матылёк з яе з’явіцца. Мухалоўкі пасяліліся на кусце бружмелю, мы назіралі за імі, пачынаючы з яек, потым былі пухнатыя птушаняткі. Ягады ўсе абсыпаліся, не хацелі турбаваць малых. Зараз птушаняты ўжо навучыліся лётаць і жывуць у нашым садзе.

Яшчэ ў нас у кватэры растуць яблыні ў вазоне. Пачалося з таго, што я купіла яблыкі, а там былі зернеткі з парасткамі. Насця іх пасадзіла. Цяпер чакаем, што вырасце. Можа, мы пасля перасадзім саджанцы каля дома, і ў нас будуць свае яблыкі. З усякай костачкі можна вырасціць нейкую расліну. Не факт, што яны прыжывуцца ў нашых умовах, але цікава правесці даследаванне. Дзеці вельмі любяць свае градкі. У Насці на балконе чатыры вазоны, за якімі яна сама даглядае і назірае, як там што расце. Так радуецца, калі штосьці квітнее. І на лецішчы ва ўсім хоча паўдзельнічаць. Яшчэ дачка вельмі любіць жывёл, год таму папрасіла мяне купіць чарапашак.

— Як правіла, дзеці просяць хатніх жывёл, але ў выніку за імі даглядаюць бацькі. Памятаю, я таксама ў дзяцінстве прынесла дадому марскіх свінак, а пасля мама іх карміла і чысціла клетку.

— Чышчу акварыум пакуль што я. Але ў Насці ёсць іншыя абавязкі. Яна ўключае святло, выгульвае іх, падкормлівае. Я часам кажу: «Насця, па-мойму, да чарапах сёння ніхто не падыходзіў, ідзі з імі пагавары». Калі нагадваць, то яна з задавальненнем ідзе і размаўляе з імі. Калі не, то забываецца. Дзеці ёсць дзеці. Але, на мой погляд, адразу варта падзяліць абавязкі.

— Да цябе ў Экалабараторыю прыходзяць дзеці ад 4 гадоў. Здавалася б — такія малыя, што яны зразумеюць, і як ім растлумачыць штосьці?

— Але менавіта яны робяць на другім годзе навучання велізарны прарыў. Вядома, маленькім дзецям падабаецца ўсё змешваць, каб адразу шмат пены, шыпення і іншых спецэфектаў і бурных рэакцый. За першы год, пакуль мы разбіраем фізіку і хімію, у іх назапашваецца добры багаж ведаў і вопыту, што дазваляе ў далейшым лёгка ўспрымаць абстракцыі на курсе другога года па астраноміі.

Цяпер усё даступна, нават занадта. Вельмі шмат шоу ў нашым жыцці, на кожным кроку. Дзеці прызвычайваюцца. Я заўважыла, што сучасныя дзеці не ўмеюць чакаць. Хоць гэта адно з асноўных уменняў, якое трэба сфарміраваць да 6 гадоў — адтэрмінаваць жаданае, калі немагчыма атрымаць цяпер. У гэтым дапамагае батаніка, бо каб вырасціць расліну, патрэбна нямала цярпення.

— Часта назіраю, як маленькія «чамучкі» даймаюць сваіх бацькоў: «Чаму гэта, а чаму тое?» Тыя ж у гэты час размаўляюць па тэлефоне альбо кажуць: «Адчапіся, надакучыў са сваімі пустымі пытаннямі».

— Мне шкада такіх дзяцей. Калі я ведаю адказ на пытанне, абавязкова адказваю. Але часам пытанні Насці і маіх вучняў ставяць нават мяне ў тупік. Тады лезу ў інтэрнэт: «Я не ведаю, зараз мы пачытаем». На некаторыя пытанні адказ адразу не знаходзіцца. Толькі з цягам часу. Галоўнае — не забывацца адказваць на пытанні. Я лічу, гэта вельмі важна.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Запись на занятия по телефону (29) 652 41 33

Расписание http://ecolabs.by/raspisanie/

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

© 2020 Детская ЭкоЛаборатория в Минске // Дизайн и поддержка: GoodwinPress.ru